ГО́МЕЛЬСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны па ініцыятыве і на сродкі графа М.П.Румянцава. Пастаўлены ў 1809—24 (арх. Дж.Кларк) непадалёку ад Гомельскага палаца (гл. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Закладзены 18.10.1809 протаіерэем Іаанам Грыгаровічам. Дзейнічаў да 1935 і ў 1941—60. У 1988—89 перададзены вернікам. Будынак мае цэнтрычную кампазіцыю. У плане — выцягнуты крыж з развітым трансептам, кароткім сярэднім нефам і невял. рызніцамі абапал алтарнай часткі. Сяродкрыжжа завершана купалам на высокім светлавым барабане. На тарцах 4 дарычныя 6-калонныя порцікі, па баках нефа рады паўкалон. У афармленні фасадаў выкарыстаны асн. класіцыстычныя элементы дэкору. У левай частцы трансепта магіла Румянцава, на якой устаноўлена копія скульптуры італьян. майстра А.Кановы «Багіня міру» (выканана скулытт. В.І.Дэмут-Маліноўскім), сцены над магілай у абразах, сярод якіх і копія з карціны італьян. мастака Карэджа.

С.Дз.Грэкаў, У.А.Чантурыя.

т. 5, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)